З гісторыі Забалацкай сярэдняй школы Воранаўскага раёна
Школа ў Забалаці пры касцёле пачала дзейнічаць ў 1865 годзе. Заняткі вяліся толькі ў халодны перыяд года. Дзеці вучыліся чытаць, пісаць, лічыць.
У канцы ХІХ стагоддзя была пабудавана драўляная школа каля касцёла. Там працавала польская сямігодка. У 1 – 4 класах выкладалі на польскай мове чытанне, пісьмо, арыфметыку (рахункі), рысаванне, спевы, фізкультуру (гімнастыку). У 5 – 7 класах вывучалі біялогію, хімію, фізіку, матэматыку, геаграфію, гісторыю, ручныя работы. У школе была свая форма: для дзяўчынак чорны халацік з белым каўнерыкам і клетчатым бантам. Насілі зменны абутак (мэшты – звязаныя з нітак тапкі).
Настаўніцкі калектыў клапаціўся аб развіцці кругагляду дзяцей. Працавалі гурткі: драматычны, стралковы, рэлігійны. Вучылі дзяцей вышываць і вязаць кручком і пруткамі. Арганізоўвалі экскурсіі ў Ліду і Вільню. На экскурсіі ездзілі на конях, якіх выдзялялі мясцовыя паны Быльчынскія і Рудзецкія.
Школа была аднапавярховая вялікая. Але да пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя школа састарылася. Дырэктар школы Кшыстафовіч дабіваўся будаўніцтва новай школы, але не выдзялялі сродкі.
У 1935 годзе ў школе ўзнік пажар. Школа гарэла, а дырэктар школы толькі камандаваў, што адкуль вынесці. Усё было павязана: дакументы, кнігі, лыжы і іншы інвентар. Таму і ўзнікла падазрэнне, што пажар учыніў дырэктар. Кшыстафовіча знялі з работы і перавялі ў іншае месца. А дырэктарам прыслалі Юзэфа Ігнашэўскага (гэта быў вельмі заслужаны чалавек, узнагароджаны ордэнам Віртута Мілітары). Пад яго кіраўніцтвам пачалося будаўніцтва новай цаглянай школы на 3 паверхі (цяпер у гэтым будынку знаходзіцца калгасная кантора). Пакуль школа будавалася, вучыліся ў 4-х наёмных дамах. У 1938 годзе закончылася будаўніцтва новай школы. Яе высвенчвалі і ксёндз, і бацюшка. Школе прысвоілі імя Пільсудскага.
З верасня 1939 года прадметы ў школе пачалі выкладацца на беларускай мове. Дырэктар школы Юзэф Ігнашэўскі быў рэпрэсіраваны. Потым ён змог выехаць у Англію, там памёр і пахаваны. Большасць настаўнікаў выехалі ў Польшчу.
У час нямецкай акупацыі ў школе знаходзілася нямецкае ўпраўленне - штаб для падтрымкі “порядка” сярод жыхароў. Настаўнік Калямант Уладзіслаў быў расстраляны за сувязь з партызанамі.
Пасля вызвалення ў 1944 годзе аднавіла працу сямігадовая школа, прыказам Радунскага Рано ў школу было назначана 3 настаўнікі: Бружынская, Данецкая, Трэцяковіч. Усіх вучняў было каля 65. У 1945 – 46 г.г. колькасць вучняў павялічылася да 120, са Смільгінскай школы ў Забалацкую быў пераведзены Конан Міхаіл Нікіфаравіч. У гэтым годзе ў школу прыехалі настаўнікі Ганчарова Т.Т., Лаппо С.М., Матушко.
З 1947 па 1949 г.г. у Забалацкай няпоўнай сярэдняй школе дырэктарам быў Будкевіч І. Н., завучам Сафроненка Л. П., вучняў налічвалася 180 чалавек. Была адкрыта вячэрняя школа. У 50-ыя гады дырэктарамі школы працавалі Васільеў, Клебанаў, Мышковец. У 1955 годзе адбыўся першы выпуск, у якім налічвалася 13 вучняў.
З 1958 года на працягу 33 гадоў школай кіраваў Карпянкоў Яўгеній Навумавіч. У 70-я гады ХХ стагоддзя ў школе займалася звыш 600 вучняў. Звычайна было па 2 пачатковыя класы, па 3 сярэднія і старэйшыя, па 26 – 27 камплектаў. Займаліся ў 2 – 3 змены. Заняткі ў другой змене заканчваліся каля 20 гадзін, а потым дзейнічала школа сельскай моладзі. Самы напружаны час быў паміж зменамі. У калідоры, калі адны выходзілі, а другія заходзілі, цяжка было прайсці. Таму ў 1975 годзе пачалося будаўніцтва новай школы на 1196 месцаў. У 1977 годзе адбыўся апошні, 23-ы выпуск у старой школе, якая праіснавала 40 гадоў.
К пачатку 1978 года будаўніцтва школы завяршылася. 11 студзеня 1978 года ў першы дзень заняткаў пасля зімовых канікул вучні, настаўнікі калонай перайшлі ў новую школу. Пачаліся заняткі ў прасторных светлых класах з сучасным абсталяваннем па кабінетнай сістэме. Самы вялікі выпуск быў у 1980 годзе – 105 вучняў, 4 выпускныя класы.
З 1991 па 2013 год школу ўзначальваў Лях Міхаіл Міхайлавіч.
З 2013 па 2016 год узначальваў школу Мікша Віталій Антонавіч.
З 2016 года ўзначальвае школу Юшэвіч Надзея Іванаўна.