Экспазіцыя складаецца з наступных раздзелаў:
Сялянская хатка канца XIX - пачатку XX стагоддзя
Сялянская хатка пакрыта саломай. У хатцы два невялікія акенцы з аканіцамі. Покуць (кут, вугал) . На покуце абраз святой Барбары, накрыты ручніком. Стол засланы вязаным абрусам. На стале самавар, кубак, міскі, лыжкі, відэльцы, нож. На акне – гадзіннік, чарнільніца. Каля стала – драўлянае крэсла, зэдаль, табурэт. Над сталом лямпа, пакрытая абажурам. Справа ад дзвярэй макет печы з прыпечкам і падпечкам. У падпечку захоўваецца посуд: збаны, глякі. Гаршкі, чыгуны, трыножка знаходзяцца на прыпечку. Каля печы размяшчаецца качарэжнік, дзе стаяць вілкі (рагачы, ухваты), драўляная качарга, чапяла, венік (мятла). Побач вісіць драўлянае вядро з кубкам. На сцяне – драўляная палічка з дэнкамі, апалонікам. Прыбрана палічка вязанымі карункамі.
Уздоўж сцен услон (зэдаль), услончык (зэдлік), драўлянае ложка, дзіцячы ложак. Ля ложка падвешана да столі калыска (дзіцячая люлька). Ля ложка – куфар, драўляны чамадан. На сценах вышыўкі ў рамках.
На хатцы – пераносная калыска. Над дзвярыма хаткі - каромысел.
Воддаль хаты – калодзежны журавель з драўляным вядром. Ля калодзежа – пераплецены плот. На ім – збаны, кубкі.
Раздзел “Куток гаспадара”
У раздзеле знаходзяцца самыя розныя прылады земляробчай працы, гаспадарчы рыштунак. Сярод іх драўляныя вілы, гэблік, шуфель, каса, драўлянае кола, кубелец, веялка-шуфлік, цэп, рэйсмусы, стрыхарка, хамут з дугой, падпруга, дымакур, ліхтары, сявенькі, карабы, карзіна.
У кутку знаходзяцца вырабы з дрэва і самыя розныя прылады земляробчай працы, гаспадарчы рыштунак. Сярод іх вілы драўляныя,
гэблік, кубелец, шуфель, валак, веялка-шуфлік, цэп, рэйсмусы, стрыхарка, барана, драўлянае кола, хамут з дугой...
Тут жа знаходзяцца сявенькі, карабы, карзіна, дымакур…
Людзі многа працавалі. Мужчына араў, сеяў, баранаваў, касіў, зімой малаціў уручную збожжа, рэзаў сечку, даглядаў кароў і коней. Рабіў самую цяжкую работу.
Раздзел “Куток гаспадыні”
У гэтым раздзеле выстаўлены кросны, калаўрот, матавіла, прасніца з кудзеллю, церніца, трапачка, сукала, вітушкі, бёрда, бойка, макацёр, ночва, валак (пранік) з качалкай, пяльцы (абручык).
Работа гаспадыні не была такой цяжкай, але працавала яна вельмі многа. Яна падтрымлівала парадак у доме, карміла і адзявала ўсю сям'ю, даіла кароў, карміла свіней. Яна вырошчвала лён, апрацоўвала яго, прала, ткала і палатно, і посцілкі, і шарачак, і ручнікі, і тканіну на мяшкі. Сама з вытканага шыла для мужа, дзяцей і сябе адзенне. Сама з дамашніх нітак вязала панчохі і шкарпэткі, для дзетак - мэшты (вязаныя тапкі). Прала вечарамі, часам пад акном пры свеце месяца, ткала таксама. Нездарма была такая прыказка: "Гаспадар трымае адзін вугал у хаце, а гаспадыня - тры".
На здымку мы бачым прылады жаночай працы: прасніца (да яе прывязвалі кудзелю), калаўрот (з дапамогай яго пралі ніткі).
Мясцовыя жыхары Г.І. Кузміцкая і В.Б.Сымановіч. паведамілі, што гаспадыня старалася ўпрыгожыць быт сям'і. На вокнах мы бачым фіранкі з паперы (выканала В.Б.Сымановіч). Іх называлі выцінанкамі. На паліцы вісяць карункі. Яны зроблены з ільняных нітак, выбелены. Паглядзіце, які прыгожы ўзор: пеўнікі, а паміж імі букеты. На покуці вісіць прыгожы ручнік. На лямпе - абажур, які зроблены кручком.
На сценах макаткі (вышыўкі). Вось на гэтай у вяночку сядзяць вельмі сімпатычныя коцікі. Гэтая вышыўка зроблена з дапамогай спецыяльнай іголкі. Нацягвалася на раму палатно, на левай старане макаткі рысаваўся ўзор. Потым спецыяльнай іголкай з ніткамі рабілася вышыўка. Прыгожы, пушысты рысунак аказваўся на правай старане.
Раздзел “Ткацтва і вышыўка”
Складаецца з трох ручнікоў: ручнік з беларускім арнаментам “Дрэва жыцця”, ручнік з арнаментам кветак і святочны ручнік з ружамі. У раздзеле знаходзяцца вышыўкі: “Келіх на кнізе”, “Галубкі на сучку”, “Тройка”, “Пастушок”, “Буслы”, “Каплічка” і іншыя.
У раздзеле "Ткацтва" выстаўлены кросны, калаўрот, матавіла, прасніца, церніца, трапачка, сукала, вітушкі, бёрда... Тут саматканыя ручнікі, посцілкі, дыван, абрусы... Вышыўка і ткацтва з'яўляюцца ў нашай мясцовасці вельмі важным відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Паглядзіце на экспазіцыю. Вы бачыце вельмі прыгожыя рэчы. Усё гэта вышыта або выткана ўручную. Такія рэчы ўпрыгожваюць наш быт, радуюць вока сваёй прыгажосцю.
Вышыўка - від народнага дэкаратыўнага мастацтва, арнамент або малюнак, выкананы ўручную звычайнымі або спецыяльнымі іголкамі, часам кручком ці машынным спосабам. Вышывалі на тканінах, скуры льнянымі, баваўнянымі, ваўнянымі, часам шаўковымі ніткамі. Для аплікацыі ўжывалі шнур, цясьму, стужкі, кавалкі каляровых тканін, скуры і інш.
Вышыўкай аздаблялі жаночае адзенне (галаўныя ўборы, блузкі, кашулі, фартухі, гарсэты, сукенкі, зрэдку спадніцы) і мужчынскае (кашулі, нашыйныя хусткі), вышывалі суконную і айчынную вопратку (кажушкі, асабліва жаночыя, буркі). Вельмі шырока вышываліся рэчы дэкаратыўна-абрадавага і бытавога прызначэння: ручнікі, абрусы, сурвэткі, навалачкі, посцілкі, дарожкі, падушачкі.
Вышыўка зарадзілася вельмі даўно. Вышыванае адзенне насілі на святы. Вышываныя ручнікі мелі дэкаратыўны і абрадавы характар. Так, у праваслаўных вышываныя ручнікі называліся набожнікамі, іх вешалі на абразы на покуць. У хрысціян на ручнікі ставяць маладых пры вянчанні. У цяперашні час пры ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу таксама маладых ставяць на ручнік, жадаюць, як і шмат гадоў назад, каб сумесная дарога была чыстай, доўгай і прыгожай, як ручнік. У праваслаўных і ў католікаў, калі дзяўчына ідзе замуж, маці дае маладой абраз, накрыты прыгожым ручніком. Самых дарагіх гасцей заўсёды сустракаюць хлебам і соллю, якія падаюць на вельмі прыгожым ручніку.
Раздзел “Вырабы з саломы і лазы”
Раздзел складаецца з дэкаратыўнай экспазіцыі з лазы. З саломы выраблены “Павук”, “Конік”, “Хлебніца”, “Дэкаратыўная карзіна”, “Вазачка”, “Каблучок”, а таксама пано “Жаваранак”, пано “Кветачка ” і пано “Жураўлі на балоце”. Тут яшчэ знаходзіцца драўляны букетнік з плецянымі з саломкі кветкамі чароту.
Саломапляценне, разнавіднасць пляцення, від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У мінулым вядома ўсім земляробчым народам Еўропы. Шырокае распаўсюджанне атрымала і на Беларусі. Для пляцення выкарыстоўвалі пераважна жытнюю салому з доўгім, тонкім і роўным сцяблом (падыходзіла салома толькі ў ручную зжатага і абмалочанага жыта—выкалатка). Сухую салому папярэдне размочвалі ў вадзе, пасля чаго яна станавілася мяккай і эластычнай; выкарыстоўвалі цэлае сцябло,саломіну без каленец або саламяную стужку. Выдзяляюць наступныя тэхнікі саломапляцення: спіральнае і прамое пляценне, пляценне з плоскіх і аб'ёмных пляцёнак. Найбольш пашыранай была тэхніка спіральнага пляцення са жгутоў саломы і пруткоў лазы, каранёў і льняных нітак. Такім спосабам выраблялі вялікія саламяныя карабы, шыяны з векам для захавання збожжа, мукі, меншыя па памерах кублы і карабы для круп, адзення, гарцы, якія служылі мерай збожжа, сявенькі. Плоскія пляцёнкі выкарыстоўвалі як загатоўкі (паўфабрыкат) для саламяных брылёў, карзінак, кашоў.
Вядомы таксама своеасаблівы від саломапляцення - саломапластыка - выраб з пучкоў саломы лялечных фігурак жывёл, птушак і людзей, якія раней выкарыстоўваліся ў якасці атрыбутаў каляндарнай і сямейнай абраднасці: на вяселлі маладым дарылі дзвюх лялек на шчасце, фігуркай козліка ўпрыгожвалі вясельны каравай, саламянымі птушкамі на каляды і вялікдзень упрыгожвалі хату. 3 саломы рабілі таксама павука - падвясную або насценную дэкаратыўную канструкцыю для ўпрыгожвання інтэр'ера жылля.